Юнкор Солигорщины, автор Рябая Юлия Сергеевна
ГУО «Средняя школа № 11 г. Солигорска»
Быць беларусам!
Апошнім часам прыходзіцца рашаць мноства задач па фізіцы і матэматыцы. Часам здаецца, што няма нічога ў свеце, акрамя фізікі і матэматыкі. Каб трошкі перадыхнуць, шукаю якую-небудзь музыку.
Нечакана пападаю на песню “Купалінка”:
Купалінка, Купалінка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?..
Слухаю, прыемнае цяпло разліваецца па ўсім маім целе. Чаму?.. Што такое незвычайнае пачула? Чаму так прыемна і цёпла стала на душы? Магчыма, настальгія па дзяцінстве (тры гады таму я скончыла Школу мастацтваў,аддзяленне “Народная творчасць”). Не, проста прыемна чуць беларускую мову. І спяваць самой па-беларуску… І перакладаць песні на беларускую мову… І проста пагаварыць з кім-небудзь калі-нікалі на роднай мове (звычайна з сябрамі і роднымі мы, па традыцыі, гаворым на рускай мове)…
Але – мы ж беларусы! А што значыць быць беларусам? Напэўна, любіць сваю Радзіму… Ведаць гісторыю сваёй краіны і свайго народа…Сумленна працаваць… І ўсё?.. Відаць, не так усё проста!
Можа паказацца, што ўсё гэта толькі прыгожыя словы. А слоў , можа, і не трэба прыгожых. Трэба дзейнічаць, нешта рабіць! Чамусьці ўспомніла зараз свайго прадзеда. Не думаю, што ён мог прыгожа разважаць пра любоў да Айчыны і патрыятызм. Але, калі пачалася вайна, ён пайшоў на фронт, змагаўся з ворагам, быў паранены, трапіў у палон, уцёк, зноў ваяваў. Ён мужна абараняў Радзіму, не думаючы пра высокія катэгорыі, прыгожыя словы і ўзнагароды. Пасля вайны працаваў у калгасе. Аберагаючы, відаць, ад вайны сваіх блізкіх, ніколі не расказваў пра жахі вайны. Ды ў яго і не пыталіся асабліва (гэта апошнім часам схамянуліся і стараліся запісаць успаміны ветэранаў).
А майго прадзеда, Вітко Паўла Канстанцінавіча, не стала ў 1988 годзе. Мяне тады яшчэ не было на гэтым свеце. Кажуць, ён ціха і сціпла жыў і гэтак жа ціха пакінуў гэты свет. І толькі скупы артыкул у кнізе “Памяць” застаўся пра яго. Але ж ён быў беларусам! Сапраўдным! Гатовым аддаць жыццё за Радзіму! І не выхваляўся гэтым! А нашто гаварыць? Трэба дзейнічаць! Трэба рабіць!
Канечне, ёсць сярод беларусаў яркія людзі, людзі-волаты, людзі-тытаны, здольныя на вялікія справы, здольныя праславіць нашу зямлю на ўвесь свет: Е.Полацкая, Ф.Скарына, М.Багдановіч, Я.Купала, М.Савіцкі, В.І.Казлоў, К.Заслонаў…Гэты спіс можа быць вельмі доўгім.
А што тыя, хто не патрапіў у гэты спіс? Іх жыццё на гэтай зямлі прайшло марна? Не думаю. Калі чалавек жыў сумленна, калі клапаціўся пра іншых людзей, дзейнічаў, як мог, на карысць бліжнім і сваёй краіне, калі пакінуў пасля сябе дастойных дзяцей – ён сапраўдны беларус!
Быць беларусам – значыць любіць свой народ, з павагай ставіцца да іншых, любіць Радзіму і працаваць, працаваць, зрабіць усё магчымае, каб наша краіна квітнела, каб тут заўсёды панавалі мір і згода, каб кожны, хто знаходзіцца побач з табой, адчуваў тваю цеплыню і ласку!
Будзьма беларусамі, і свет вакол нас стане лепшым!