Юнкор Солигорщины, автор Николаевич Камилла Александровна
ГУО «Средняя школа №2 г.Солигорска»
Сапраўдны беларус
«Быць Беларусам – гэта значыць, за родны край згараць на дым, па-беларуску чуць і бачыць на гэтым свеце і на тым».
Словы Рыгора Барадуліна як не трэба лепш перадаюць думку сапраўднага беларуса.
Быць беларусам – гэта не значыць запіс у пашпарце. Быць беларусам – гэта мець беларускую душу, гэта проста жыць і быць ім. Вядома, кожны ведае, што быць беларусам – гэта захоўваць традыцыі сваёй краіны, шанаваць сваю мову і культуру. Але гаварыць можна многа чаго. А вось назвацца сапраўдным беларусам можа не кожны.
Аднойчы лёс звёў мяне з незвычайным чалавекам, які аказаўся яшчэ і маім земляком. Гэта вядомы беларускі мастак і скульптар Уладзімір Вішнеўскі. Знаёмячыся з творамі У. Ягоўдзіка, я звярнула ўвагу на незвычайныя ілюстрацыі да казкі “ Янка і ружа”. Пагартала, пашукала ў інтэрнэце пра мастака. Даволі цікавы чалавек. Калі я чытала інтэрв’ю з ім, то звярнула ўвагу на тое, што ён увесь час адказвае па-беларуску.
Трохі біяграфіі. Нарадзіўся У. Вішнеўскі ў вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна. Дарэчы і зараз едзіць туды: любіць вясковыя справы і сваю малую радзіму.
У свой час вельмі захапляўся творамі У. Караткевіча.
Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя В.Ахрэмчыка. Прымаў удзел у мастацкіх выставах. Скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.
Уладзімір Вішнеўскі з’яўляецца выдатным майстрам станковай і кніжнай графікі. З’яўляецца акадэмікам Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Загадчык кафедры графікі факультэта выяўленчага мастацтва БДАМ, дзе і працуе зараз. Аформіў кніжныя выданні Я. Коласа, К. Крапівы, А.Разанава, М. Лужаніна, Ф. Дастаеўскага, А. Пашкевіч (Цёткі). Дыпламант рэспубліканскіх конкурсаў “ Мастацтва кнігі”.
Здаецца, біяграфія яшчэ аднаго вядомага чалавека. Але для мяне знаёмства з ім – нешта большае. Зусім нечакана я трапіла ў госці да яго некалькі гадоў назад. Здзівіла многае. Я ўяўляла, што гэта павінен быць чалавек строгі, сур’ёзны. На самой справе, я ўбачыла ў ім чалавека, які мне здаўся зусім блізкім . Быў ён апрануты ў звычайную паркалёвую кашулю, на галаве была саламяная шляпа. І што ўразіла: ён размаўляе ўвесь час на беларускай мове. І не толькі ён, а і ўся яго сям’я. Прыемна было чуць, як гаворыць на мяккай беларускай мове яго на той час трохгадовы сын. І гэта было так пяшчотна. І смажылі яны бульбу на ражончыках. Мастак многа расказваў аб тым, што было шмат магчымасцей жыць і працаваць дзесьці за мяжой, але ён вырашыў застацца ў сваёй краіне. Зараз жыве ў Мінску.
Аказваецца, беларускае , сваё, роднае, зусім побач. Яно жыве сярод нас. І каб быць сапраўдным беларусам, не абавязкова аб гэтым крычаць. Беларусам проста трэба быць.