Юнкор Солигорщины, автор Хамицевич Марина. Диплом 1 степени

Юнкор Солигорщины, автор Хамицевич Марина. Диплом 1 степени

Хаміцэвіч Марына Пятроўна

ДУА «Драчаўская базавая школа Салігорскага раёна»

Палескія крыніцы

      Цi блукалi вы па прасторах нашай краiны? Безумоўна, хоць аднойчы даводзiлася падарожнiчаць. І ў незнаёмым месцы вясною цi летам, а часам i ў зiмовую пару напаткаеш крынiцу. Струменiць яна, выбiваецца з-пад нейкага каменя. Зачэрпнеш даланёй гаючай вадзiцы. Соладка. Гожа. А вадзiца сплывае ад гэтай крынiцы далёка і нясе ўдалячынь твае думкі, надзеі.

      Мая зямля, мая Беларусь! Як казаў Уладзімір Караткевіч “сіняя- сіняя”. Самая прыгожая, самая казачная, загадкавая і чароўная. Шмат дзівосаў ёсць у маёй Беларусі. Крыніцы — адны з іх. Іх шмат, яны самыя розныя: маленькія і вялікія, вядомыя ўсім і не вельмі, чыстыя, празрыстыя, спакойныя, бурлівыя. Загадкавыя таямнічыя, бо не замярзаюць  зімой, а ў спякоту  сцюдзёныя.  Што такое крыніцы?  Як кажуць у народзе – гэта слёзы глыбінь, падарунак падземных бостваў, гэта жыватворная вада. Ні ў людных месцах, ні ў лясным гушчары крыніца не застаецца незаўважанай, да яе заўсёды вядзе сцежка, яна патрэбна не толькі людзям, але і звярам, птушкам.

        Крыніцы заўсёды на Беларусі ўшаноўвалі, ставіліся да іх з павагаю, асаблівай святасцю. А на Палессі крыніцы асаблівыя. Матухна-Прыпяць разлівае свае воды веснавымі павадкамі, залівае лугі, сенажаці.  З асцярожнасцю пазіраюць палешукі на свавольніцтва Прыпяці, бо калі разгуляецца , можа і бяды нарабіць.  Адшуміць яна веснавымі водамі і ідзе на спакой. Уваходзіць у свае берагі і нясе свае воды Дняпру. Магчыма, усе крыніцы Палесся – гэта яе дзеці, якія нясуць чыстыя, жыватворныя воды палешукам, нясуць веру і надзею на добры заўтрашні дзень.

      І жывуць палешукі сваім асаблівым жыццём. Працавітыя, добрыя, шчырыя, гасцінныя. Часам не вельмі гаваркія, але заўсёды гатовы  падзяліцца ўсім, чым багаты. Сціплыя, не заўсёды пахваляцца сваімі поспехамі, талентамі. А пахваліцца  часам  ёсць чым.

   У вёсцы Восава Салігорскага раёна жывуць і працуюць такія беларусы. А яшчэ яны ўмеюць спяваць так цудоўна, задушэўна, па-народнаму. Гэта ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыва “ Палескія крыніцы”, якія вось ужо больш за паўвека ашчадна захоўваюць асаблівасці культуры беларускага Палесся, яе традыцыі і абрады. Самадзельныя артысты – актыўныя ўдзельнікі самых розных вясковых, раённых, абласных святаў, рэспубліканскіх  і нават міжнародных фестываляў. У 2004 годзе калектыву прысвоена званне народнага.

      Наша знаёмства з гэтым калектывам адбылося не так даўно, але шчырасць і душэўнасць сустрэч надоўга застанецца ў памяці вучняў і настаўнікаў нашай школы.

Ездзілі  мы ў вёску Восава, каб пазнаёміцца з унікальным абрадам “Шчадрэц”, якому ў 2009 годзе нададзены статус гісторыка- культурнай каштоўнасці ў нематэрыяльнай сферы,  які вядомы далёка за межамі нашага раёна.

Прыйшоў гэты абрад з вёскі Рог. Галоўны персанаж  Дзед-Продак, які заўсёды носіць маску з бяросты. Ён мудры, умее пажартаваць, прыносіць у дом дабрабыт.  Цікавым быў аповед пра значэнне кожнага персанажа абрада, пра песні калядныя, пра падрыхтоўку абрада, пра яго вытокі.  І нават на памяць падаравалі нам  маску Дзеда- Продка з пажаданнем дабрабыту і міру ў новым годзе.   Сустрэча адбылася вельмі шчырая і цудоўная і пакінула ў памяці самыя добрыя ўспаміны. Таму было прынята рашэнне  запрасіць у госці артыстаў да сябе. Знаёмства з калектывам прадоўжылася.      

      Для вучняў было падрыхтавана прадстаўленне калектыва, праведзены майстар-клас “Народныя танцы нашага краю».  Гучала шмат цёплых, душэўных песень. Спявалі разам дарослыя і дзеці.  Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, шчырай, падарыла надзею, што народная песня будзе гучаць і не знікне ніколі.

      Вялікі дзякуй усім удзельнікам  фальклорнага калектыва “ Палескія крыніцы” за цеплыню сустрэч, за любоў да родных мясцін, за тое, што захоўваюць спадчыну, перадаюць яе маладым. Хацелася б пажадаць, каб “Палескія крыніцы” сваёй чысцінёй, цудоўнымі песнямі, абрадамі ,новымі сустрэчамі грэлі нашы сэрцы, вучылі нас заўважаць  прыгожае, роднае, спрадвечнае . “ Каб не замярзалі і зімой !” 

       Калі хочаце адагрэцца душой, пазнаёміцца з народнымі ўнікальнымі абрадамі “ Шчадрэц”, “ Беларускае вяселле”, “Вячоркі”, пачуць песні, якія нікога не пакінуць абыякавымі, прыязджайце ў вёску Восава, прыязджайце ў госці да “ Палескіх крыніц”.

  Прыязджайце да працавітых, таленавітых, гасцінных палешукоў, на плечы якіх выпала шмат выпрабаванняў, у тым ліку і вайна, якія выстаялі і далей будуюць жыццё на роднай зямлі пад мірным небам, якія любяць сваю малую радзіму. Прыязджайце, каб не забыць сваіх каранёў,  не забыць пра  бацькоўскі парог, каб вашы сэрцы не чарсцвелі.

Нам ніколі не памерці,

Не растаць, як знічкі:
Пасля нас і нашы дзеці
Стануць ля крынічкі –
І Айчынаю прадвесняй
Будуць ганарыцца…
Беларусь — крыніца песні

І любві крыніца!

                                      Сяргей Панізнік

Юнкор Солигорщины, автор Хамицевич Марина. Диплом 1 степени