Аўтар: Дубоўская Анастасія Уладзіміраўна
Месца вучобы: Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Пагосцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна”
А сэрцы іх, відаць, сатканы з ласкі…
А сэрцы іх, відаць, сатканы з ласкі…
А сэрцы іх, відаць, сатканы з ласкі,
З усмешкі, што на вуснах расцвітае,
З матулінай дзіцячай добрай казкі,
Што ў кожнага ў памяці лунае…
Анастасія Дубоўская
Добрая… Міласэрная… Шчырая… Ветлівая… Клапатлівая… Менавіта такімі словамі мне хочацца ахарактарыхаваць жанчыну, якую я кожны дзень сустракаю, ідучы ў школу. А сустракаю я яе ў адзін і той жа час і на адным і тым жа месцы: у 7.40 раніцы пад старым бэзавым кустом. Менавіта ў гэты час збіраюцца тут бяздомныя коцікі і цярпліва чакаюць сваю выратавальніцу. Шэранькія, чорненькія, рыжанькія, пярэсценькія, яны, нібы дзеткі, абступаюць жанчыну з усіх бакоў, як толькі тая выходзіць са сподачкам ежы.
З Майсейкавай Аляўцінай Іванаўнай і яе мужам Хаміцэвічам Мікалаем Адамавічам я пазнаёмілася цёплай восенню 2017 года. Тады я была яшчэ цікаўнай і дапытлівай вучаніцай 5 класа. З настаўніцай і маімі аднакласнікамі мы захапіліся даследчай працай: даследавалі вуглавыя счапленні зрубу драўляных дамоў вёскі Пагост-1. Як сур’ёзныя даследчыкі, з выглядам сапраўдных навукоўцаў, мы накіраваліся ў Чыжэвіцкі выканаўчы камітэт. Супрацоўніца камітэта паклалі перад намі вялізную тоўстую кнігу, у якой змяшчаліся звесткі пра ўсе дамы ў нашай вёсцы. Вось тады мы і даведаліся, што дом па вуліцы Зіноўева, 39 з’яўляецца самым старым у вёсцы, так як быў пабудаваны аж у далёкім 1928 годзе. Нягледзячы на тое, што з таго часу мінула ўжо сем гадоў, я і сёння помню з якой цеплынёй і шчырасцю сустрэлі нас яго гаспадары. У памяць урэзаліся чорны лабрадор, які з важным выглядам ляжаў на парозе і пазіраў на нечаканых гасцей, і маленькі рыжанькі сабачка Бой, які, наадварот, і секунды не мог пасядзець на месцы, весела круціўся каля нас, махаючы хвастом.
13 красавіка 2024 года я зноў накіравалася ў госці да Аляўціны Іванаўны, каб узяць у яе інтэрв’ю. Прыдумала шмат цікавых пытанняў, якія планавала задаць пры сустрэчы. Але пытаць амаль ні аб чым не давялося. Аляўціна Іванаўна пачала свой аповед – і словы яе ліліся, як песня. Адзін за другім даставала яна са сваёй памяці ўспаміны пра неверагодныя гісторыі выратавання нашых чацвераногіх сяброў. І ў кожнай з гэтых гісторый быў і свой боль, і свая радасць.
Вось ужо восем доўгіх гадоў Аляўціна Іванаўна са сваім мужам штодзень даюць прытулак жывым істотам, ад якіх адмовіліся гаспадары, а дакладней, выкінулі, як непатрэбныя рэчы. Цяжка нават уявіць, колькі жыццяў выратавалі іх добрыя рукі.
Першым у двары з’явіўся той самы чорны лабрадор па мянушцы Чак. Прыйшоў ён да брамкі іх дома 9 снежня (гаспадары памятаюць нават дату). На яго страшна было глядзець: галодны, худы, хворы. Пра такіх звычайна кажуць: “Скура ды косці”. Аляўціна Іванаўна пусціла небараку ў двор, выкарміла, вылечыла. Сёння Чак – шчаслівы сабака. З радасцю сустракае гасцей, лашчыцца і тым самым шчыра дзякуе за ўвагу да яго.
Вось менавіта той снежаньскі дзень і стаў пачаткам усёй гэтай гісторыі. У хуткім часе ў двары з’явіўся сабака Бой, якога таксама выкінулі гаспадары. Спачатку Аляўціна Іванаўна карміла яго каля вясковай крамы, потым ён сам пралез праз агароджу і застаўся жыць назаўсёды. Два гады назад выратавалі Нану. Яе выкінулі моцна хворай і цяжарнай. Аляўціна Іванаўна за ўласныя сродкі зрабіла сабаку аперацыю, а ўсім шчанюкам знайшла новы дом.
На сённяшні дзень у сям’і пражываюць чатыры сабакі і дванаццаць кошак. Усе яны дагледжаныя, накормленыя і шчаслівыя.
Самай старэйшай кошцы пятнаццаць гадоў. Яе ў сям’ю прывезлі з Салігорска. Яшчэ траіх кошак пакінуў сусед-дачнік. Цэлае лета жыў і даглядаў сваіх жывёл. А з прыходам халадоў сеў на аўтамабіль і паехаў у цёплую кватэру. А кошкі засталіся на дачы проста выжываць. Кагосьці падкінулі ў двор аднавяскоўцы. “З дваімі кацянятамі, – успамінае з усмешкай Аляўціна Іванаўна, — асабліва “дбайныя” гаспадары перакінулі цераз плот пакуначак кількі”. Астатніх, як звычайна, галодных і хворых, жанчына падабрала ў вёсцы.
Кожны год Аляўціна Іванаўна, дзякуючы групе “Дапамога жывёлам Салігорска”, аддае ў добрыя рукі дзясяткі коцікаў і сабачак. І геаграфія новых шчаслівых уладальнікаў па-сапраўднаму ўражвае, так як абмяжоўваецца не толькі вёскамі і гарадамі нашай краіны. Адна кошачка адправілася на пастаяннае месца жыхарства ў Лондан. А старога сляпога сабачку Вожыка забрала жанчына-валанцёр, якая паўгода жыве ў Мінску, а паўгода – у Іспаніі. На жаль, у Іспаніі ён і памёр, пражыўшы пры гэтым у ласцы і клопаце яшчэ два шчаслівыя гады. З усімі новымі гаспадарамі Аляўціна Іванаўна падтрымлівае сувязь і, тым самым, сочыць за лёсам сваіх выратаванцаў.
Людзей, якія без дакору сумлення выкідаюць на вуліцу сваіх пушыстых сяброў, шмат. Аднак, на вялікае шчасце, тых, хто жадае дапамагчы, значна болей. Увесь час знаходзяцца людзі, якія працягваюць руку дапамогі Аляўціне Іванаўне. А дапамога, сапраўды, патрэбна. Вельмі складана на ўласную пенсію карміць і лячыць такую колькасць жывёл. Уявіце сабе толькі, акрамя хатніх пітомцаў, штодзень жанчына корміць каля дзесяці бяздомных катоў. І гэта яшчэ не ўсё. Вось ужо на працягу трох гадоў кожную нядзелю з мужам ездзіць на прамзону трэцяга калійнага камбіната для таго, каб накарміць сабак, якія там жывуць і ў выхадны дзень галадаюць. А калі раптам у групе з’яўляецца інфармацыя пра тых няшчасных, каму патрэбна дапамога, садзяцца ў аўтамабіль і едуць на выратаване ў любы час сутак, у любое надвор’е.
Выслухаўшы расказ Аляўціны Іванаўны (аўдыёзапіс інтэрв’ю прыкладваецца), я доўгі час не магла прыйсці ў сябе, бо мяне перапаўнялі розныя пачуцці. З аднаго боку гэта было пачуццё болю і шкадавання да тых бездапаможных небарак, якія ў пэўны момант жыцця раптам аказаліся непатрэбнымі сваім гаспадарам. Аднак перамагала пачуццё радасці за выратаваных жывёл. А яшчэ — пачуццё шчасця за тое, што я жыву побач з такімі велікадушнымі, міласэрнымі, шчырымі і, пры гэтым, сціплымі людзьмі. Людзьмі, якія сваім уласным прыкладам вучаць нас быць чулымі да чужога гора, добрымі і спагадлівымі, адказнымі і бескарыснымі. Менавіта такімі, на маю думку, і павінны быць сапраўдныя беларусы.
Зараз я выпускніца. Хутка для мяне празвініць апошні званок. Давядзеццца ісці ў далёкую і незнаёмую дарогу свайго дарослага жыцця. Сёння я яшчэ не ведаю, якой будзе гэта дарога. Аднак для сябе я цвёрда вырашыла: якія б цяжкасці не сустрэліся на маім шляху, мяне заўсёды будуць саграваць вобразы з дзяцінства: стары куст рабіны пад акном, шпакоўня на хляве, вузенькая звілістая дарожка ў засені вербаў і жанчына са сподачкам ежы, якую з усіх бакоў абступаюць удзячныя пітомцы.