Прозвішча, імя, імя па бацьку: Акулевіч Аляксандр Сяргеевіч
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Вялічкавіцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна»
Быць беларусам!
Вось і надышла мая апошняя школьная вясна. Але школа ў маім жыцці будзе заўжды. Тое, што закладзена ў школе ў наш разумовы і маральны падмурак, будзе з намі. Самае галоўнае і каштоўнае, што я атрымаў, – гэта ўсведамленне: я – беларус.
Быць беларусам … Даць тлумачэнне гэтаму выразу і лёгка, і цяжка. Лёгка, калі называць знешнія рысы, што адзначаюць з першага погляду нават замежныя госці: гасціннасць, дабрыня, талерантнасць. Але ж трэба раскрыць душу беларуса, яго жыццёвыя арыенціры, светапогляд, зазірнуць у гісторыю беларусаў як народа.
Быць беларусам … Не называцца, а быць. І галоўны паказчык у гэтым пытанні – родная беларуская мова. Няхай не пакрыўдзіцца той, хто пакуль (па розных абставінах) не можа размаўляць на беларускай мове, але імкнецца авалодаць ёю і паважліва ставіцца да роднай мовы беларускага народа. Мне радасна, што ў наш складаны і не вельмі спакойны час пытанні мовы беларусаў разглядаюцца на дзяржаўным узроўні. У дакуменце “Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024 – 2026 гг.” сказана, што беларуская мова прызнаецца адным з фактараў фарміравання менталітэту беларусаў. У старэйшай беларускамоўнай газеце “Звязда” ад 02.09.2023 года прачытаў словы намесніка міністра інфармацыі нашай краіны Ігара Бузоўскага аб тым, “каб мова была не проста культуралагічнай асаблівасцю, а нашай пастаяннай жыццёвай неабходнасцю і пэўным абярэгам нашай незалежнасці”. Гэтыя словы радуюць кожнага беларуса.
Успомнім словы легендарнага Песняра (чалавека рускага паходжання!) Уладзіміра Мулявіна пра беларускую мову: “Мова настолькі прыгожая, што на ёй я магу толькі спяваць”. Што тут яшчэ можна сказаць? Хіба ўспомніць словы Уладзіміра Караткевіча: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе. Хто забыў сваю мову – усё згубіў.”
Беларусы – высакародны і высокаінтэлігенты народ. Тут і даказваць нічога не трэба, варта ўзгадаць словы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “Ах, якую мы спадчыну маем!” Быць беларусам – гэта значыць ведаць сваю спадчыну, вывучаць, шанаваць, берагчы.
Адлічым назад стагоддзяў шэсць-сем. Вялікае Княства Літоўскае (наша гістарычная радзіма) – магутная дзяржава. Многія землі ў той час стагналі пад мангола-татарскім прыгнётам. А на зямлі ВКЛ ворагі не былі, не пасмелі прэтэндаваць на яе. Ці ж не перадалі нам нашы продкі мужнасць і рашучасць у самых складаных абставінах абараняць сваю Радзіму?
Успомнім князя Вітаўта, патрыёта сваёй зямлі, які на вякі даў мудры наказ беларусам. Перадаў гэты наказ для нас Мікола Гусоўскі: “Багацце духоўнае – злата дзяржавы”. Прыкладна такі ж наказ дала і Еўфрасіння Полацкая. Яе духоўныя подзвігі як сонечным промнем асвятлілі зямлю Полацка, асвятляюць гэтыя промні праз тысячагоддзе і нас. Быць беларусам – адчуваць духоўнае святло, ведаць тых, хто стаў нацыянальным сімвалам служэння высакародным ідэалам.
Быць беларусам – гэта значыць абавязкова падаць голас у абарону міру на зямлі. Яскравым прыкладам гэтаму з’яўляецца Максім Багдановіч… З адмераных яму лёсам 25 гадоў жыцця толькі чатыры с паловаю гады жыў у Беларусі, а ўвайшоў у гісторыю Вялікім Беларусам. Створаныя ім вобразы васілька, зоркі Венеры сталі паэтычнай візіткай беларусаў ва ўсім свеце. Паэт звяртаецца да ўсіх людзей нашай планеты :
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
І нашто ж на зямлі
сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
А вось гучны голас у абарону міру нашай паэткі Яўгеніі Янішчыц, калі яна ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР была на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН:
Век прагрэсу, стрэсу і навукі,
Век яшчэ неадбалелых ран…
Людзі свету, дайце згоды рукі
Перад уваходам у ААН.
Неадбалелыя раны… Яны з намі, з кожным новым пакаленнем беларусаў… Іх нанесла самая жудасная з усіх войнаў – Другая сусветная, а для нас – Вялікая Айчынная. Раны зацягваюцца, боль сцішваецца, а памяць узрастае, узмацняецца. На зямлі беларускай ніколі не зарастуць сцяжынкі да магіл загінулых, да помнікаў і абеліскаў. На зямлі беларускай заўжды будуць з шанаваннем адносіцца да найвялікшых свят – Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. 3 ліпеня гэтага года – вялікая дата, вялікае свята. 80 гадоў прайшло з таго часу, як наша родная зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ці ж можа беларус не святкаваць, не прыйсці ў гэты дзень з летнімі кветкамі да магіл тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму ад ворага, хто згарэў у полымі вайны. Паклонімся Пакаленню Пераможцаў! Ушануем іх памяць!
Быць беларусам – быць чулым, спагадлівым, міласэрным, шчырым:
Не абміні чужой бяды,
Сабой не надта ганарыся,
Няхай спяшаюцца гады,
А ты вазьмі і прыпыніся.
Слабому працягні руку,
Сляпому пакажы дарогу …
Пісаў гэтыя радкі Сяргей Грахоўскі. Цяжкі жыццёвы лёс паэта (перанёс пакуты ГУЛагу), а якія светлыя наказы пакінуў нашчадкам. Вось адзін: “Жыві, шукай, усё рабі як след, каб на Радзіме твой свяціўся след”.
Каханне… Прыгожае, узвышанае пачуццё. Ціхае і глыбокае. Паэты выказваюць думкі і пачуцці народа. Услухаемся ў словы, адрасаваныя каханым: “Княгіня хараства”, “Ой, ты, дзяўчыначка мілая, як жа ты свет упрыгожыла…”, “…абуджаная сэрцам, дарагая”, “Ты пакліч мяне, пазаві”, “Дзе ты, зорка мая непагасная…” (Р. Барадулін, М. Шушкевіч, А. Куляшоў, Я. Янішчыц, А.Русак). З глыбіні сэрца ідзе пачуццё – так кахаюць беларусы. Такая ж у іх любоў да роднай зямлі – ціхая і адданая.
Закончу сваё разважанне вершаванымі радкамі, якія склаліся ў маім сэрцы. Гэта пажаданне самому сабе і маім равеснікам-беларусам:
… трэба
Знаць свае карані,
Каб глыбей адчувалі
Прыцяжэнне зямлі,
Каб багатых, дзівосных
Не шукалі краін:
Прыгажэйшай не знойдзеш
Той, што ўстала з руін.
Ад зямелькі радзіннай
Не адвыкнеш ніяк:
Чалавек без Радзімы –
Сапраўдны жабрак.
Дык няхай заўжды жыве наша Айчына! Няхай мацнее роднай зямлі прыцяжэнне! Беларусь – касмічная дзяржава! Няхай і ў космасе гучыць прыгожая мова беларусаў! Беларусы – нашчадкі людзей асветы, высокай культуры і гонару!